Беларуская Служба

Нафта зноў даражэйшая за 100 долараў за барэль.  Свету пагражае крызіс, як у 1970-ыя

13.03.2026 18:32
Пакуль канфлікт на Блізкім Усходзе не вырашаны, цана нафты будзе заставацца вельмі нестабільнай.
Армузская пратока Фота: x.com

Сусветны рынак нафты перажывае адно з наймацнейшых узрушэнняў за апошнія дзесяцігоддзі. Кошт нафты маркі Brent crude oil зноў перавысіў 100 долараў за барэль пасля вельмі нестабільнага тыдня на біржах. Паводле дадзеных таргоў, цана амерыканскай нафты West Texas Intermediate наблізілася да 97 долараў, а інвестары чакаюць новых ваганняў на рынку, пішуць на energetyka24.com.

Галоўная прычына — сітуацыя вакол Армузскай пратокі, праз якую праходзіць значная частка сусветных паставак нафты. Іран заявіў, што працягне блакаванне і можа замінаваць акваторыю пратокі. Калі гэта пацвердзіцца, суднаходства ў адным з ключавых энергетычных маршрутаў свету можа апынуцца пад сур’ёзнай пагрозай.

Аналітыкі лічаць, што рынак сутыкнуўся з найбуйнейшымі перабоямі ў пастаўках з часу энергетычных крызісаў 1970-х гадоў. Паводле экспертаў інвестыцыйных кампаній, пакуль канфлікт на Блізкім Усходзе не вырашаны, цана нафты будзе заставацца вельмі нестабільнай.

Каб стрымаць рост цэн, Міжнароднае энергетычнае агенцтва прыняло беспрэцэдэнтнае рашэнне вызваліць са стратэгічных запасаў каля 400 млн барэляў нафты. Аднак, паводле экспертаў, гэта толькі часовае рашэнне.

Дадатковым фактарам нестабільнасці стала рашэнне ЗША часова дазволіць продаж часткі расійскай нафты, загружанай на танкеры да 12 сакавіка. Аналітыкі адзначаюць, што гэты крок можа крыху супакоіць рынак, але не ліквідуе галоўнай праблемы — пагрозы перапынення паставак праз Армузскую пратоку.

Пакуль ваеннае напружанне ў рэгіёне захоўваецца, нафтавы рынак застаецца адным з галоўных барометраў глабальнай нестабільнасці.

эж